«МІ́НСКАЯ ВЯСНА́»,

міжнародны фестываль музыкі, які праводзіцца штогод з 1984 у Мінску ў пач. красавіка. Ініцыятар і арганізатар фестывалю Ю.Гільдзюк. Мае на мэце ўсебаковую падтрымку і прапаганду прафес. муз. мастацтва, выяўленне новых дасягненняў і імён у кампазітарскай і выканальніцкай творчасці. Канцэртныя праграмы ўключаюць музыку розных эпох і жанраў, новыя творы сучасных бел. і замежных кампазітараў. Многія фестывалі мелі пэўную тэматыку: «Год В.А.Моцарта» (1991), «Новыя імёны» (1992), «Год С.В.Рахманінава» (1993), «Велікоднае прынашэнне» (1994), «Да 40-годдзя Перамогі» (1995), «Ф.Шуберт і І.Брамс — нашы сучаснікі» (1997), «У святле скрыпкі» (1999). У рамках фестывалю праводзяцца аўтарскія канцэрты бел. кампазітараў. У фестывалі ўдзельнічалі вядомыя бел. калектывы, у т.л. Дзярж. акад. сімф. аркестр, Дзярж. акад. харавая капэла, Дзярж. камерны хор, Дзярж. камерны аркестр, ансамбль салістаў «Класік-Авангард», Мінскі абл. камерны хор «Санорус», ансамбль нар. музыкі «Свята», акад. хор Бел. тэлебачання і радыё, калектывы Бел. акадэміі музыкі; піяністы І.Алоўнікаў, Ю.Бліноў, Гільдзюк, А.Сікорскі; кларнетыст Г.Забара; трубач А.Кавалінскі, вакалісты С.Данілюк, М.Гулегіна, Н.Галеева, М.Жылюк, Н.Руднева, В.Скорабагатаў і інш., замежныя творчыя калектывы, кампазітары і асобныя выканаўцы з Расіі, Прыбалтыкі, Малдовы і інш., у т.л. рас. кампазітары С.Губайдуліна, Э.Дзянісаў, А.Шнітке, А.Эшпай; Дзярж. акадэмічная сімфанічная капэла Расіі, выканаўцы-інструменталісты Ю.Башмет, Э.Вірсаладзе, М.Пятроў, У.Співакоў, В.Траццякоў, дырыжор А.Янчанка, спявачкі І.Архіпава, М.Біешу і інш.

Т.А.Цітова.

т. 10, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)